ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія ўзнікаюць пры ўздзеянні на арганізм прафесійных шкоднасцей. Адрозніваюць 5 асн. груп П.х.: ад уздзеяння хім. прамысл. фактараў (бензол, ртуць, свінец і інш.; гл. Атручэнне), пылу (гл. Пнеўмаканіёз, Сілікоз), статычнага перанапружання мышцаў і апорна-рухальнага апарату, фіз. фактараў (гл. Вібрацыйная хвароба, Прамянёвая хвароба), біял. фактараў. Дадаткова вылучаюць алергічныя захворванні і новаўтварэнні прафес. паходжання.

Бываюць вострыя, падвострыя і хранічныя. Прыкметы залежаць ад часу і інтэнсіўнасці ўплыву прафес. шкоднасцей, рэзістэнтнасці і рэактыўнасці арганізма. Расследаванне выпадкаў П.х. праводзіць спец. камісія. Хворых на П.х. пераводзяць на інш. працу або накіроўваюць на Мед.-рэабілітацыйную экспертную камісію для вызначэння ступені страты прафес. працаздольнасці або групы інваліднасці.

Э.​А.​Вальчук.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)